ІНСТЫТУ́Т МАСТАЦТВАЗНА́ЎСТВА, ЭТНАГРА́ФІІ І ФАЛЬКЛО́РУ імя К.Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1957 на базе сектара этнаграфіі і фальклору Ін-та гісторыі і сектара мастацтва Ін-та л-ры АН БССР. З 1993 імя К.Крапівы. Аддзелы: тэатр. мастацтва; кіно і тэлемастацтва; музычнага мастацтва і этнамузыкалогіі; выяўленчага і дэкар.-прыкладнога мастацтва; архітэктуры; этналогіі; антрапалогіі і экалогіі; фалькларыстыкі; славістыкі; стараж. бел. культуры. Аспірантура (з 1957), дактарантура (з 1989).
Асн. кірункі навук. даследаванняў: заканамернасці развіцця бел. мастацтва, яго роля і значэнне ў сістэме культуры бел. народа і ў працэсе ўзаемадзеяння з культурамі інш. народаў, тэарэт. асэнсаванне мастацтвазнаўчых праблем; вывучэнне побыту, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, біясацыяльных заканамернасцей фарміравання і зменлівасці іх антрапал. рыс; даследаванне гісторыі і тэорыі бел. фальклору, яго ўзаемасувязей з вуснапаэт. творчасцю інш. слав. народаў; вывучэнне эканам. і культ. развіцця гарадоў і вёсак Беларусі, бел. архітэктуры, помнікаў стараж.-бел. мастацтва.
У галіне тэатразнаўства даследуюцца гісторыя бел. сцэн. культуры, праблемы бел. драматургіі і яе сцэн. ўвасаблення, развіццё аматарскага т-ра і інш. Выдадзена калектыўная праца «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87), манаграфіі У.І.Няфёда «Тэатр у вогненныя гады» (1959), «Сучасны беларускі тэатр (1946—1959)» (1961), «Станаўленне беларускага савецкага тэатра, 1917—1941» (1965, за ўсе тры Дзярж. прэмія Беларусі 1966) і інш. У галіне кіно і тэлемастацтва даследуюцца станаўленне, гісторыя і тэндэнцыі сучаснага развіцця бел. кіно, тэарэт. праблемы тэлемастацтва, спецыфіка экранізацыі твораў маст. л-ры, дзейнасць асобных рэжысёраў, акцёраў. Выдадзены «Гісторыя беларускага кіно» ў 2 кнігах (1969—70), «Экран і культура: Беларускае кіно і тэлебачанне ў сістэме мастацкай культуры» (1988), даведнік-каталог «Усе беларускія фільмы» (т. 1, 1996) і інш. У галіне музычнага мастацтва і этнамузыкалогіі вывучаюцца вытокі, асн. кірункі, эвалюцыя стыляў, жанравая тыпалогія і сучасны стан бел. прафес. музыкі, праблемы опернай драматургіі, балета, муз. камедыі, аперэты, тэарэт. асновы бел. нар. муз. мастацтва, сістэмная тыпалогія бел. песеннага фальклору, яго рэгіянальныя асаблівасці, бел. нар. інструменты, муз. аўтэнтычны фальклор у сістэме сучаснай культуры. Сярод прац «Музычны тэатр Беларусі» (1990—97), «Беларуская этнамузыкалогія: Нарысы гісторыі (XIX—XX стст.)» (1997); «Каляндарна-песенная культура Беларусі» З.Я.Мажэйкі (1985), «Кампазітары Беларусі» Т.Г.Мдзівані, Р.І.Сергіенка (1997) і інш. У галіне выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і архітэктуры даследуюцца гісторыя бел. выяўл., дэкар.-прыкладнога мастацтва і архітэктуры, станаўленне і развіццё асобных жанраў мастацтва (жывапісу, графікі, скульптуры, маст. разьбы па дрэве і інш.), гісторыка-культ., маст. помнікі Беларусі, узаемасувязі і ўзаемадзеянне выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва беларусаў з мастацтвам суседніх народаў, тэндэнцыі развіцця сучаснага бел. мастацтва. Выдадзены фундаментальная праца «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 1—6, 1987—94, Дзярж. прэмія Беларусі 1996), «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88, Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Помнікі мастацкай культуры Беларусі эпохі Адраджэння» (1994) і інш. У галіне этналогіі даследуюцца яе гісторыя, вытокі і этнічнае развіццё бел. этнасу, эвалюцыя яго гасп. заняткаў (земляробства, пчалярства, ткацтва, дрэваапр. промыслаў і інш.), матэрыяльнай культуры (жылля, адзення), грамадскіх традыцый і духоўнай культуры. Падрыхтаваны і выдадзены цыкл манаграфій В.К.Бандарчыка па гісторыі бел. этнаграфіі (1964, 1970, 1972, 1979), калектыўныя працы «Беларускае народнае жыллё» (1973), «Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў» (1974), «Беларускае народнае адзенне» (1975), «Этнічныя працэсы і лад жыцця» (1980), «Этнаграфія беларусаў: гістарыяграфія, этнагенез, этнічная гісторыя» (1985), «Грамадскі быт і культура сельскага насельніцтва Беларусі» (1993), першыя тамы абагульняльнай шматтомнай працы «Беларусы» (1995—97). У галіне антрапалогіі вывучаюцца фіз. тып стараж. і сучаснага насельніцтва Беларусі, роля спадчынных, прыродных і сац. фактараў у фарміраванні фіз. тыпу беларусаў, адаптыўныя працэсы ў сувязі са зменлівымі ўмовамі асяроддзя на тэр. рэспублікі, генетычна дэтэрмінаваныя сістэмы (дэрматагліфічныя, аданталагічныя, генагеагр. паказчыкі). Выдадзены працы «Нарысы па антрапалогіі. Беларусі» (1976), «Антрапалогія Беларускага Палесся» (1978) і «Біялагічнае і сацыяльнае ў фарміраванні антрапалагічных асаблівасцей» (1981) Л.І.Цягака, І.І.Салівон, А.І.Мікуліча, «Экалагічныя змены і біякультурная адаптацыя чалавека» (1996) і інш. У галіне фалькларыстыкі ажыццяўляецца збіранне, сістэматызацыя, публікацыя вуснапаэт. твораў, даследуюцца тэорыя і гісторыя бел. фальклору, вывучаюцца сучасныя фалькл. працэсы, праводзіцца параўнальны аналіз фалькл. твораў славян і інш. Выдадзены 44 т. шматтомнага збору «Беларуская народная творчасць» (1970—97, Дзярж. прэмія Беларусі 1986), кнігі «Узроўні агульнасці фальклору ўсходніх славян», «Усходнеславянскі фальклор: Слоўнік навуковай і народнай тэрміналогіі» (абедзве 1993), цыкл навук. прац па гісторыі бел. фалькларыстыкі ў 3 кнігах (1987—89), гісторыка-тэарэт. даследаванне «Беларуская народная вуснапаэтычная творчасць» (1967) і інш. У ін-це створаны Музей старажытнабеларускай культуры.
У ін-це працавалі акад. АН Беларусі П.Ф.Глебка, чл.-кар. І.В.Гутараў; працуюць чл.-кар. Нац. АН Беларусі В.К.Бандарчык, С.В.Марцэлеў, У.І.Няфёд, М.Ф.Піліпенка (дырэктар з 1994).
Літ.:
Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы: (Да саракагоддзя стварэння). Мн., 1997.
М Ф.Піліпенка.
т. 7, с. 268